Юныя мастакі ГУО "Яслi-сад №101 прынялі ўдзел у гарадскім адкрытым інтэрнэт-конкурсе “Цвяток радзімы – васілёк” i не засталiся без узнагарод
22.08.2022Цвяток радзімы - васілёк
Шырока вядомыя радкі верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”:
“Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персіцкага узора
Цвяток радзімы – васілька.”
Сапраўды, васілёк або валошка здаўна быў адным з сімвалаў сінявокай Беларусі. Мы бачым яго і ў буйным жыце, і сярод палявых красак, ягоную выяву народныя мастакі з задавальненнем пераносяць на свае вырабы. Дарэчы, васілёк быў улюбёнай кветкай Марка Шагала. Выхаванцы нашай групы таксама натхніліся сіне-блакітнымі пялёсткамі і зрабілі самастойныя мастацкія творы. Калі глядзіш на іх, на памяць прыходзяць і вершаваныя радкі Эдзі Агняцвет:
Зямля з блакітнымі вачамі –
Раздолле рэчак і лугоў!
Тут называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў.
На жаль ні воднага Васілька ў нашай групе няма. Але гэта не перашкаджае нашым дзеткам быць сапраўднымі маленькімі беларусамі, любіць сваю Радзіму, захапляцца яе прыродай і сябраваць з фарбамі ды пэндзлем.
Не так даўно юныя мастакі прынялі ўдзел у гарадскім адкрытым інтэрнэт-конкурсе “Цвяток радзімы – васілёк”. І трэба сказаць, для нашых выхаванцеў зоркі склаліся вельмі ўдала. Паша Сямёнаў за свой “Кветкавы матыў” у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” атрымаў дыплом І ступені, а Маша Міхайлава за “Касмічны васілёк” у намінацыі “Выяўленчае мастацтва” – дыплом ІІ ступені. Вось так простая сіняя кветачка стала яшчэ і сімвалам поспеху для нашых юных талентаў.