РУ БЕ EN

Выстава дзіцячых малюнкаў

11.12.2020

3 снежня 2020 года ў аддзеле дзіцячай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна адбылося адкрыццё выставы дзіцячых малюнкаў ”Дзе маці нарадзіла, там і радзіма“ да 90-ддзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

На выставе прадстаўлена 46 работ юных мастакоў і знаўцаў беларускай літаратуры – вучняў 1-11 класаў устаноў адукацыі Першамайскага раёна г.Віцебска. Тры гады запар выстава-конкурс збліжае прыхільнікаў роднага слова і выяўленчага мастацтва, бо з дапамогай фарбаў лепей за ўсё перадаць захапленне прачытаным творам.

Па ўмовах конкурсу пераможцы былі вызначаны ў трох узроставых катэгорыях і намінацыях: ”Казачная краіна Уладзіміра Караткевіча“, ”Дзе мой край?..“, ”Гістарычнае мінулае народа“. Свет Караткевіча вялікі і разнастайны. У кожным яго рамане, аповесці, вершы, казцы і п’есе жыве беларускі край, прырода, беларускі народ з яго гісторыяй. ”Кожнае слова пісьменніка, – звяртаючыся да пераможцаў конкурсу, падкрэсліла загадчык аддзела дзіцячай літаратуры бібліятэкі Юлія Далганава, – як  чыстае паветра, якое зусім не чутна ўліваецца ў нашу кроў, дазваляе адчуць хараство і багацце нашай мовы, культуры і гісторыі“.

Метадыст навучальна-метадычнага кабінета Першамайскага раёна г.Віцебска Марына Полагава звярнула ўвагу прысутных на папулярызацыю беларускай мовы сярод падрастаючага пакалення, на багацце выставы яркімі малюнкамі: ”Няма лепшага падарунка для пісьменніка, чым калі хто-небудзь прачытае яго творы. Вы зрабілі значна больш: не толькі прачыталі, але і пражылі, прапусцілі праз душу падзеі і вобразы яго казак, вершаў, раманаў, адлюстравалі з дапамогай пэндзля і фарбаў свет Караткевіча. Вынікам з’явілася гэта цудоўная выстава“.

Пабачыць выставу змогуць наведвальнікі бібліятэкі і ўдзельнікі конкурсу да 18 снежня. Ініцыятыва аддзела па адукацыі Першамайскага раёна па правядзенні штогод выставы-конкурсу ”Дзе маці нарадзіла, там і радзіма“ падтрымліваецца бібліятэкай і ўстановамі адукацыі. Родны край, родная беларуская мова, шчымлівыя адносіны да радзімы – вось выхаваўчая аснова мерапрыемтсва.

Метадыст навучальна-метадычнага кабінета 
Першамайскага раёна г.Віцебска                                             Марына Полагава

Загадчык аддзела дзіцячай літаратуры 
Віцебскай абласной бліятэкі імя У.І.Леніна                                Юлія Далганава