Метадычнае аб’яднанне намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці
22.02.2020Метадычнае аб’яднанне намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці
“Стварэнне ўмоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на беларускай мове. Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў групах з беларускай мовай навучання”
18 лютага 2020 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 106 г. Віцебска» адбылося раённае метадычнае аб'яднанне намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці.
Сустрэча была прысвечана пытанню стварэння ўмоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на беларускай мове. Падчас дыялогу прадставілася магчымасць удасканаліць прафесійную кампетэнтнасць па абноўленым змесце вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі (адукацыйная галіна “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”). Адкрыты занятак па адукацыйнай галіне «Падрыхтоўка да навучання грамаце» дазволіў убачыць, як ажыцяўляецца адукацыйны працэс ў групе з беларускай мовай навучання з выхаванцамі старшай групы (Хлыстова Алена Генадзьеўна, выхавальнік дашкольнай адукацыі).
Гутава Святлана Васільеўна, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, з творчай групай установы адукацыі пазнаёміла ўдзельнікаў метадычнага аб’яднання з алгарытмам стварэння групы з беларускай мовай навучання, прапанавала скласці дарожную карту “Маленькія крокі да вялікай мовы”. Акрамя гэтага, калегі пазнаеміліся з вопытам работы дзяржаўных устаноў адукацыі «Яслі-сад № 82 г. Віцебска», «Яслі-сад № 88 г. Віцебска», «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 г.Віцебска», «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 г.Віцебска» па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах з беларускай мовай навучання.
Канчатковым вынікам дзейнасці была практычная работа ў групах па складанню наглядна-графічнай мадэлі “Арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове ў рабоце з выхаванцамі, бацькамі, педагагічнымі работнікамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, якая дазволіла сумесна абмеркаваць эфектыўныя метады і формы работы.
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета А.В.Герасімава